January 30th, 2013

Wiciaz

02.02.13. Імша за Айчыну



Праз Марыю памнож нашу веру, Пане! (пар. Лк 17, 5)
Przez Maryję, przymnóż nam, Panie, wiary! (por. Łk 17, 5)

Гэткага кшталту абвесткі, меркавана, у агляданай будучыні больш тутака не з'явіцца. У 1ю суботу лютага -- 02.02.13. (Ахвяраванне Пана -- Грамніцы; 5я субота Вялікай Навэны да МБ Будслаўскай; Дзень кансэкраванага жыцця) -- у 18:30 у Архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Менск, пл. Свабоды, 9) у Святой Эўхарыстыі ад усяго люду Краю нашага дзякуем Пану Богу і Багародзіцы Панне, і Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за ўрачыстае прысвячэнне Айчыны і Народу нашага Беззаганнаму Сэрцу Марыі, і просім у Маці нашай і Каралевы ласкі ў інтэнцыях Ейнага Беззаганнага Сэрца.

Падчас Св. Імшы адбудзецца блаславенне грамнічных свечак. Перад тым -- у 18:00 -- выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і працяг Вялікай Навэны да МБ Будслаўскай. Калі так станецца, што ўважыце гэна за добрую і годную вашае ўвагі справу, запрашаем і вас да ўдзелу. Падыходзьце -- целам! Каб не апусціць чагосьці для вас важнага. Ахвяраваць Эўхарыстыю можна ад імя ўласнага, ад сям'і, ад пэўнай супольнасці ці ўвогуле ад імя люду Айчыны нашай ці ўсяго чалавецтва. З Богам у Багародзіцы +

p.s. Пры аказіі, раю нядзельную катэхезу кс. Андрэя Кеўліча пра сутнасць Святой Імшы: "Што ж такое Эўхарыстыя, у чым яе сутнасць? І чаму яна займае такое важнае месца ў жыцці Касцёла? Адказваючы коратка, Эўхарыстыя - гэта Цела і Кроў Хрыстова, гэта рэальная прысутнасць Пана пад постаццю хлеба і віна. Цэлебрацыя і адарацыя Эўхарыстыі дазваляе нам наблізіцца да любові Бога і далучыцца да яе асабіста аж да з’яднання з умілаваным Панам. Ахвяраванне жыцця, еднасць з усёй супольнасцю вернікаў і салідарнасць з кожным чалавекам – гэта неад’емныя аспекты «logiké latreía», духоўнага культу, святога і прыемнага Богу (пар. Рым 12, 1), у якім уся наша канкрэтная чалавечая рэчаіснасць пераменена на хвалу Бога...".