August 6th, 2013

kryz

10-18.08.13. Навэнна ахвяры за кс. Уладзіслава Лазара




10-18.08.13. Навэнна ахвяры за кс. Уладзіслава Лазара
10-18.08.13. Nowenna ofiary za ks. Władysława Łazara

«Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра знаходзячыхся ў бедах, бо і вы самі маеце цела. Дык трэба, каб з даверам казалі: „Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?“. Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Слова Божае і, сочачы за ходам іхняга жыцця, будзьце іхнімі пераймальнікамі ў веры. Езус Хрыстос той самы ўчора, сёння і на векі» (Габ. 13:3,6-8).

Шаноўнае Панства, ад суботы 10 жніўня 2013 (ад Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў інтэнцыі кс. У.Лазара ў 8:00 у адным з мейсцаў нашай Айчыны) да нядзелі 18 жніўня 2013 (да Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў інтэнцыі кс. У.Лазара ў 18:30 у Архікатэдры менскай (пл. Свабоды, 9)) каталікі і людзі добрай волі ў Беларусі і ўва ўсім свеце злучаюцца ў Навэнне (9-дзённая сталая малітва) ахвяры за кс. Уладзіслава Лазара — праз Найсвяцейшую Эўхарыстыю і заступніцтва Маці Божай Унебаўзятай.

У гэты час каталікам і людзям добрай волі прапануецца спрычыніцца/далучыцца да розных пабожных і малітоўных чынаў у інтэнцыі кс. Уладзіслава Лазара і простага Божага ўмяшання ў ягоную справу — звяртаючыся да Хрыста праз Багародзіцу. Ахвяруйма ў гэты час у гэтай інтэнцыі, наколькі толькі магчыма, нашыя добрыя чыны: удзел у Святой Эўхарыстыі, Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літургіі Гадзінаў, Гадзінкі, Ружанец, Вяночак і г.д.

На гэны час (а калі няма магчымасці — дык на далейшыя дні) прапануем складаць ахвяраванні на Святую Ахвяру ў вышэй азначанай інтэнцыі — ў сваёй парафіі і ў Катэдры — асабліва на нядзельную Суму і вечаровую Імшу. Ахвяруйма і найцяжэйшы, але і найважнейшы з чынаў — пакорнае паслушэнства пастыру, у імя Архіпастыра, Айцу пакорна паслухмянага: «Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, за якія павінны разрахавацца (перад Богам). Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам» (Габ. 13:17).

Асаблівым чынам заахвочваем да споведзі, пакаяння, пакуты, Камуніі ў гэны час і да ўдзелу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў чацвер (!) 15.08.13. (на ўрачыстасць НПМ) і да адчытання цягам гэных 9 дзён Nowenny do Najświętszej Eucharystii.

І 'шчэ напрыканцы малітвы ў імя Хрыстова:
ваш ліст ад сэрца на паштовы адрас
220050, Менск, а/c 8, СІЗА КДБ,
кс. Лазару Уладзіміру Міхайлавічу.

Звярніце ўвагу на тое, які важны сэнс надаю пазначэнню ў адрасе скароту "кс." перад імём: гэтак мы адрасата не "разжалуем" у свецкія зэкі, а духоўна падтрымаем, называючы ксяндзом.

Больш пра кс. Уладзіслава Лазар:
«Маці арыштаванага ксяндза Лазара: «Прычапіліся, адкуль грошы ўзяў»»
«Ксяндзу Лазару не дазволілі перадаць малітоўнік»
«04.08.13. Дзень ахвяры за кс. Уладзіслава Лазара»

Калі ўважыце гэна за годную справу — распавядзіце, каліласка, бліжнім і дальнім, гораду і свету, офлайн і онлайн, і хай Пан нам рачыць дабраславіць!

Божа, дабра ўсялякага крыніца, дзякуем Табе, што ў любові сваёй абдарыў ксяндза Уладзіслава Лазара годнасцю святарства. Запрагнуў, каб ён быў асаблівай прыладаю ў руцэ Тваёй. Даручаем Табе ягоны сёняшні дзень, а Ты моцаю Духа Святога вядзі, кіруй і будзь з ім. Даручаем ягоную душу і цела. Даручаем ягоныя радасці і надзеі, усе напружанні і нядужанні. Укшталтуй яго шчаслівым святаром і чалавекам, атачай зычлівым людам. Учыні, каб розумам бездакорным, сэрцам цнатлівым і чыстым целам заўсёды служыў Табе. Амэн.

Усемагутны вечны Божа, суцяшэнне засмучаных і сіла церпячых, пачуй просьбы тых, хто ў кожным цярпенні да Цябе звяртаецца, каб усе яны маглі радавацца, што ў сваіх патрэбах спазналі Тваю міласэрнасць. Просім Цябе, Пане, выслухай ласкава малітвы свайго люду і, хоць заслужана церпім мы за нашыя грахі, выбаў нас праз сваю міласэрнасць дзеля хвалы імя Твайго. Божа, Ты знішчыў пыху адвечнага ворага, сатаны, праз цярплівасць свайго Адзінароднага Сына, дай нам, просім, з пашанаю разважаць пра цярпенні Хрыста, якія Ён з любові да нас вынес, і дапамажы нам так, як Ён, у спакоі духа вытрываць усе цяжкасці. Ойча, калі Ты хочаш, дык адсунь той келіх ад кс. Уладзіслава Лазара, аднак не мая, але Твая воля няхай станецца. Амэн.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса Сакрамэнтальнага,
змілуйся над намі і над Айчынай нашай!
Беззаганнае Сэрца Марыі Унебаўзятай,
маліся за нас і за Айчыну нашу!



Collapse )