August 21st, 2013

kryz

22.08.13. і безтэрмінова. Appellatio Mariae (Апэль Марыйны).



«З цэлага сэрца вітаю ўмілаваны Касьцёл на Беларусі. Як жа блізкі мне гэты Касьцёл, які так многа ў апошніх дзесяцігоддзях выпакутаваў дзеля Хрыстовага імя. Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтай хвіліне ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асоб, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Евангельлі былі прыгавораныя таталітарным камуністычным рэжымам на вялікія цярпеньні, упакораньні і перасьледаваньні. Многія з іх страцілі жыцьцё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, прыгавораныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог…»

(урывак са звароту Святога Айца Яна Паўла ІІ
да Кардынала Казіміра Свёнтка, арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага
)

Сярод пабожных беларускіх верніц паўстала ініцыятыва, якую — ўпэўнены! — варта падтрымаць, пэўным чынам апісаць і агучыць — для хвалы Божай праз Багародзіцу. Хто яшчэ ангажуе сябе ў тую малітву за Айчыну, колькі гэная — пэўная ці няпэўная — форма пратрывае — толькі Пану Богу вядома. Я-ж ведаю: калі якаясь справа Богам надхёная — яна прыйдзе і пойдзе, а калі гэна марнасць над марнасцямі — пройдзе і сыйдзе. Хай Дух Святы рачыць адкрыць чытачу, што ўласна яму рабіць па прачытанні з тым, што прачытае ніжэй.

У Дзень Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы 22.08.13. (чацвер) у 21:00 па беларускім часе ў краіне і па ўсім свеце абвешчаны сімвалічны пачатак рэгулярнай (штовечары ў 21:00) супольнай малітвы Народу беларускага. Дзе б хто ў той самы час ня быў, ён ведае і радасны з таго, што зараз нехта іншы так сама ў духоўнай лучнасці чувае пры Матцы — «два ці тры» з нас, зямных пілігрымаў — схіляемся прад Хрыстом на руцэ Беззаганнай, просячы Яго праз Яе ў тае-ж інтэнцыі. І Ён чуе. І Яму не абыякава.

appello (лат.)
1) обращаться (к кому-л. с речью), заговаривать (с кем-л.)
7) апеллировать
8) взывать (к)

Адметнасцю дадзенай формы малітвы ё тое, што яна ахвярна прыносіцца намі ня толькі ад уласнага імя, але — ад імя ўсяго беларускага люду (з'яўляючыся такім чынам супольнай пакутнай малітваю Народу беларускага), і тое, што паўстала яна (з ініцыятывы ўдзельнікаў) на пэўны ўзор Apelu jasnogórskiego, сусветнай штовечаровай супольнай малітвы Народу польскага (video1, video2, video3, video4), перанесенай на наш час і нашыя варункі. Малітва мае выразна «багародзічную» «афарбоўку», але пакуль яшчэ ня блізка да таго, каб гэны Апэль прыняў пэўную форму — толькі формы часовыя, на ўзроўні пэўных канстатацый таго, што ёсь і што 'шчэ можа быць.

Найпрасцейшая з формаў нашага заангажавання — любая, як заўгодна вольная ці рытуалізаваная, малітоўная дзейнасць у блізкай да ніжэй пададзенай інтэнцыі, якая — ў супольнай духоўнай лучнасці — прымяркоўваецца да 21-й гадзіны па беларускім часе (гэты час не перасякаецца з іншымі малітоўнымі ініцыятывамі «за Беларусь», да гэтага часу звычайна ўжо скончацца вечаровая Імша і Нешпары). Хоць бацвінне варыць у пабожным намеры і ў лучнасці духоўнай : ) Больш пэўную форму (недзе на палову гадзіны часу) магу запрапанаваць ніжэй. Гэна тое, якім уласна мне — менавіта сёння і тут — хацелася б бачыць уласны ўдзел у Апэлю Марыйным, і да якога кшталту ўдзелу сябе хацелася б кіраваць. Калі для шаноўнага чытача ў тым летуценні нічога цікавага няма — дзякуй за ўвагу.

— + А 21-й гадзіне накладаецца Знак Крыжа і спяваецца\чытаецца наша старажытная «Багародзіца, Дзевіца»:

Collapse )

— На дакананне, вечаровая малітва ахвяравання і «старая песня о Главном» — «Магутны Божа»:

Усемагутны вечны Божа, дзякую Табе за ўсе ласкі і дабрадзейнасці сённяшняга дня; за радасць і смутак, за дасягненні і няўдачы. Прымі ўсё на хвалу Тваю. Хачу таксама перапрасіць Цябе за ўсе мае і люду беларускага сённяшнія правіны.

Магутны Божа! Уладар сусветаў,
Вялiкiх сонцаў i сэрц малых,
Над Беларусяй, цiхай i ветлай,
Рассып праменнi свае хвалы.

Дай спор у працы штодзённай, шэрай.
На лусту хлеба, на родны край.
Павагу, сiлу i велiч веры
У нашу праўду, у прышласць — дай.

Дай урадлiвасць жытнёвым нiвам,
Учынкам нашым пашлi ўмалот.
Зрабi свабоднай, зрабi шчаслiвай
Краiну нашу i наш народ!

Вось «стацыі» той вечаровай Пакуты, ахвярнай малітвы ў Апэлю Марыйным, якімі бачацца мне сёння, і якімі так нясціпла меў падзяліцца. Хай Марыя ўступіцца за нягегласць слугі, а Езус — даруе хібы. Хай нам дабраславіць Добры Бог, праз Маці Міласэрнасці і Маці Касцёла!

Дабраслаўляйма і мы, і дзякуйма ганіцелям і ганьбіцелям нашым, бо дзякуючы ім наша ахвяра ў 21:00 стаецца для Неба 'шчэ каштаўнейшай. Колькі б нас не было, як ба не намагаліся ў малітве — нас усяроўна будзе замала, і малітвы нашай будзе замала. Вырашае ўсё на карані толькі Божая Ласка і Яго Ахвяра на Крыжы, з Якой нам ласкава дазволена злучыць уласны крыж і ўласныя ахвяры.

Хіба можам ахвяраваць Богу ў малітве нешта большае і каштоўнейшае за нашу ахвяру з сябе — нашу ўласную сардэчную скруху, пакуту, мукі, цярпенні, слёзы, а ўрэшце — кроў, жыццё і смерць!? Што не забівае нас — тое ўмацоўвае, а што нас забівае — не заб'е напраўду! Ня бойцеся! Пан з вамі і Панна з намі +