September 1st, 2013

kryz

Малітва аб супакоі (Святога Айца бл. Яна ХХІІІ)

Малітва аб супакоі
(Святога Айца бл. Яна ХХІІІ)

І

Хрыстус прынёс нам супакой і супакой пакінуў: «Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам. Даю ж вам не так, як свет дае» (Ян 14, 27).

Горача просім Божага Адкупіцеля аб супакоі, які нам прынёс. Няхай Ён сам знішчыць у людскіх сэрцах усё, што можа парушыць гэты супакой, і няхай учыніць усіх сведкамі праўды, справядлівасці і братэрскай любові. Няхай таксама асвеціць сваім святлом розум кіраўнікоў дзяржаваў, каб яны забяспечвалі жыхарам, разам з належным дабрабытам, і найпрыгажэйшы дар бяспечнага супакою.

І ўрэшце, няхай Хрыстус Пан натхніць усіх людзей, каб яны знішчылі перашкоды, якія іх падзяляюць, каб умацоўвалі ўзаемную любоў, каб імкнуліся зразумець іншых, прабачыць нарэшце тым, хто ўчыніў ім крыўду. Няхай пад Яго ўздзеяннем і кіраўніцтвам усе народы з’яднае сувязь братэрства і няхай сярод іх квітнее і пануе такі чаканы супакой.

ІІ

Усемагутны, вечны Божа, які пастанавіў усё аднавіць у Сыне Тваім умілаваным, Валадары сусвету, учыні ласкава, каб народы, падзеленыя ранай граху, падпарадкаваліся наймілейшаму панаванню Езуса Хрыста.

Учыні, просім Цябе, Пане, няхай пад Тваім кіраўніцтвам гісторыя свету развіваецца ў супакоі, а твой Касцёл няхай Табе служыць у шчырай радасці.

Усемагутны, міласэрны Божа, які кіруеш небам і зямлёй, выслухай ласкава нашыя просьбы і адары нашыя часы супакоем.

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

ІІІ

Просім Цябе, усемагутны, міласэрны Божа, удзялі ласкава сваім верным прабачэнне і супакой, каб усе яны ачысціліся ад грахоў і маглі служыць Табе са спакойным сэрцам.

Божа, ад якога паходзяць святыя жаданні, высакародныя намеры і цнатлівыя чыны, адары сваіх слугаў супакоем, якога свет даць не можа, няхай нашыя сэрцы будуць падпарадкаваныя Тваёй волі, а час, у які мы жывём, няхай дзякуючы Тваёй ласцы будзе спакойным і вольным ад пагрозы непрыяцеляў.

Узносячы нашыя малітвы, просім Цябе, усемагутны і міласэрны Божа, споўні просьбы Твайго люду і, як Ты даў нам ласку веры, адары нас таксама супакоем.

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Крыніца: Ave Maria №1(92) 2003