September 2nd, 2013

kryz

01-07.09.13. Тыдзень малітвы аб супакоі (міры)

«Існуе Божы суд, а таксама суд гісторыі
адносна нашых дзеянняў, ад якіх немагчыма ўцячы!
Што мы можам зрабіць для міру ў свеце?»
Святы Айцец Францішак

Ад 1 верасня — Нядзелі Панскай і ўспаміну НПМ Каралевы Супакою — да прысвечанай Беззаганаму Сэрцу 1й суботы 7 верасня — вігіліі Нядзелі Панскай і Нараджэння Панны Марыі — праходзіць Тыдзень малітвы аб супакоі (міры) у Беларусі, на Святой зямлі, на Блізкім Усходзе і па ўсім свеце (пад апекаю Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі — Каралевы Супакою, Каралевы Беларусі, Каралевы свету) — малітвы, да якой прапануем далучыцца і тым з вас, хто палічыць гэна за годную свайго ўдзелу справу.

Сімвалічна гэны Тыдзень завершыцца ў абвешчаны Папам 1 верасня Сусветны дзень малітваў і посту ў інтэнцыі міру ў Сірыі і ўсім свеце — праз Эўхарыстыю ўва ўсім каталіцкім свеце, у менскай Архікатэдры і, пэўна, у вашай парафіі. Варта тутака ўзгадаць, што 13.05.1946. Святы Айцец бл. Пій XII агалосіў Маці Божую Фацімскую Каралеваю Супакою і свету. Ніжэй, каліласка, падрабязней аб гэтым, аб прапановах да малітвы, і аб тым, як гэна можна прыстасаваць да штовечаровага беларускага Апэлю Марыйнага…


01-07.09.13. Тыдзень малітвы аб супакоі (міры)
у Беларусі, на Святой зямлі, на Блізкім Усходзе і па ўсім свеце
(пад апекаю Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі —
Каралевы Супакою, Каралевы Беларусі, Каралевы свету)

«Існуе Божы суд, а таксама суд гісторыі адносна нашых дзеянняў, ад якіх немагчыма ўцячы! Што мы можам зрабіць для міру ў свеце? Па словах Папы Яна ХХІІІ: на ўсіх ляжыць абавязак аднаўленне адносін суіснавання ў справядлівасці і любові, — нагадаў Папа. — Няхай ланцуг дзеянняў на карысць міру аб’яднае ўсіх мужчын і жанчын добрай волі! Гэты моцны і тэрміновы заклік скіроўваю да ўсяго Каталіцкага Касцёла, але пашыраю яго таксама на ўсіх хрысціян іншых канфесій, мужчын і жанчын кожнай рэлігіі, а таксама на тых братоў і сёстраў, якія няверуючыя: мір з'яўляецца дабром, якое пераадольвае ўсе бар’еры, таму што гэта дабро ўсяго чалавецтва.

Па гэтай прычыне, браты і сёстры, я вырашыў абвясціць ва ўсім Касцёле дзень 7 верасня, у вігілію свята Нараджэння Панны Марыі, Каралевы Міру, днём посту і малітвы у інтэнцыі міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе, і ва ўсім свеце. Заклікаю далучыцца да гэтай ініцыятывы, у спосаб, які прызнаюць сабе за адпаведны, братоў хрысціян некатолікаў і тых, хто належаць да іншых рэлігій, а таксама людзей добрай волі. 7 верасня мы збярэмся тут, на плошчы Святога Пятра, з 19.00 да 24.00 на малітве, у духу пакаяння, каб прасіць у Бога гэтага вялікага дару міру.

Чалавецтва мае патрэбу бачыць жэсты міру і пачуць словы надзеі і суцяшэння! Няхай крык да міру ўзносіцца высока, каб дасягнуў сэрцаў усіх людзей і каб усе склалі зброю і дазволілі, каб кіравала імі жаданне міру. Папросім Марыю, каб дапамагала нам адказаць на насілле, канфлікты і войны, сілай дыялогу, прымірэння і любові. Яна Маці: няхай дапаможа нам знайсці мір. Мы ўсе Яе дзеці. Дапамажы нам, Марыя, пераадолець гэты цяжкі момант і спрыяць кожны дзень і ў кожным асяроддзі пабудове сапраўднай культуры сустрэчы і міру. Марыя, Каралева міру, маліся за нас!».

via Ватыканскае Радыё і Catholic.By

«Адказваючы на гэты так важны і актуальны заклік папы Францішка», Я.Э. абп. Тадэвуш Кандрусевіч загадаў «7 верасня 2013 г. ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арганізаваць адпаведныя, паводле меркавання пробашча, набажэнствы». Адмысловае набажэнства ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца ў гэты дзень у 18:30. Каліласка, прыходзьце!

Я.Э. бп. Аляксандар Кашкевіч у справе Дня малітвы і посту за мір у свеце ў духоўнай еднасці са Святым Айцом: «Даверым справу жаданага міру ў свеце заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі — Каралевы міру. (…) Заклікаю ў касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі 7 верасня вечарам маліцца падчас святой Імшы і прыняць св. Камунію ў намерах міру, а таксама праз Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў лучнасці са Святым Айцом і ўсім Касцёлам маліцца святы Ружанец аб прымірэнні між народамі. Паводле уласнай магчымасці, таксама прашу захаваць цялесны пост і скласці Богу свае магчымыя фізічныя ахвяры. Асаблівым чынам звяртаюся да людзей хворых, каб ахвяравалі свае цярпенні за мір у свеце і аддаленне пагрозы вайны. (...) Усім з усяго сэрца благаслаўляю».

Я.Э. бп. Антоні Дзям’янка: «Заклікаю ўсіх вернікаў сабрацца ў гэты дзень у касцёлах на супольную малітву і перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам прачытаць Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана Езуса, а таксама памаліцца спевам суплікацыі “Святы Божа”. (…) Усіх, хто ў гэты дзень не будзе мець магчымасці прыйсці ў святыню на спецыяльнае набажэнства па прычыне хваробы, абавязковай працы або з-за іншых перашкодаў, заахвочваю самім выбраць адпаведную малітву і спосаб ахвяравання, каб уключыцца ў агульную малітву і пост Касцёла».

Да посту і разважання варта далучыць чытанне Святога Пісання, малітву на ружанцы ці іншыя малітвы і спевы. «Дарагія бацькі, не бойцеся прапанаваць вашым дзецям сціплы і мінімальны абед; гэта стане нагодай, каб расказаць ім пра тое, што адбываецца ў свеце, і аб жудасных фактах, якія не могуць пакінуць абыякавымі. (…) Разам за стол, маліцеся! (…) Няхай кожная сям’я абярэ найбольш знаёмы ёй спосаб для заступніцтва ці таго, каб стаць паміж таямніцай зла (…) і Богам супакою», — заклікае Папская рада па справах сям’і.

Ад сябе прапануем у гэтыя дні праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі — Каралевы Супакою, Каралевы Беларусі, Каралевы свету маліцца аб супакоі і за праследаваных, як паводле Святых Айцоў пададзена ніжэй. Добра была б уключыць гэныя малітвы ў вечаровы Апэль Марыйны. Да Марыйнага Апэлю ў гэтыя дні ў адмысловым мейсцы (напр., пасля «Каралева Святога Ружанца, маліся з намі!») варта дадаць і вокліч «Каралева Супакою, маліся з намі!».

Малітва аб супакоі (Святога Айца бл. Яна ХХІІІ)
Малітва за праследаваных (Святога Айца бл. Пія ХІІ)
22.08.13. і безтэрмінова. Appellatio Mariae (Апэль Марыйны). (facebook event)

З Богам, праз Багародзіцу +