Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote in catholic_by,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev
catholic_by

Ад сэрца -- да Сэрца

UPD: Зварот дасланы. Для хвалы Божай!

Браця і сёстры, вырашыў усё-ж даць вам яшчэ адзіны шанец далучыцца да справы ўшанавання Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Марыі Панны ў нашай Айчызне. Галоўны сэнс прысвячэння Сэрцу Марыі гэта прысвячэнне самому Пану Богу -- але-ж праз Багародзіцу, праз Ейнае пасярэдніцтва, заступніцтва і апеку. Тэкст дакумэнту вам не знаёмы, таму варта азнаёміцца. Гэта праект, тэкст хутка будзе ўзгоднены з прэсавай службаю ККББ, і праз яе перададзены пастырам КК у Беларусі. Пакуль праект узгадняецца, прыймаю пасажыраў астатняга вагону цягніка перад адыходам.

Падпісацца вельмі проста праз інтэрнэт. Рыма- і грэка-каталікі, каліласка, акрамя сваех імёнаў і прозвішчаў (як гэна пішацца па-беларуску (але, калі жадаеце, можна па-расійску, польску, літоўску, украінску...)), пазначце ў тэм ліку вашыя парафіі, рухі, супольнасці; не-каталікі — прэзэнтуйце сябе, як кажа сэрца, і як лічыце патрэбным. Звесткі пра тых асобаў, што прагнуць прысвячэння сябе, бліжніх і нашай краіны Пану Богу праз Багародзіцу Панну Марыю, што далучаюць сябе да агульнага Звароту, агульнага перапрашэння і агульнай пакуты, прашу дасылаць мне ў прыват, а лепей — на andrey.nicolaev@gmail.com, альбо мне ў прыват іншым чынам, альбо пакідаць камэнтарамі да гэтага посцінгу.

Яго Эксцэленцыі ксяндзу арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці
Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь

Яго Эксцэленцыі ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу,
 Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу,
 біскупу Гродзенскай дыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Уладзіславу Бліну,
ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Антонію Дзям’янку,
ардынарыю Пінскай дыяцэзіі

Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Казіміру Вялікасельцу, OP,
дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі

Менск, 13.05.2012

ЗВАРОТ
аб урачыстым прысвячэнні Народу і Краю нашага
Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі

I. О Пане Езу, прысутны з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце! Прыбіты да дрэва Крыжа, Ты Найсвяцейшую Панну Марыю, Маці Тваю, даў нам за Маці, даручыўшы нас Яе матчынай апецы. Мы — хрысцяне і людзі добрай волі — патрэбу маючы, прыйшласць нашу ўсталяваць на непарушных фундамэнтах — у абліччы Пастыраў Касцёлу Каталіцкага ў Беларусі, якія нястомна клапацяцца аб нас на Айчыннай зямлі, і ў абліччы Патронаў-Заступнікаў Айчыны нашай, якія ў Айца на Нябёсах няспынна просяць за нас і ў вечнасці аглядаюць бясконца Найсвяцейшае Аблічча Бога — прагнем перапрасіць Цябе, бліжніх і продкаў нашых за адступніцтвы ад Божых наказаў, за блюзнерствы, злачынствы, якія ў розныя часы адбыліся на зямлі нашай — зямлі Марыі — а ў тым ліку і з нашым асабістым, нашых бліжніх і продкаў — актыўным ці пасіўным, свядомым ці несвядомым — удзелам, і ў гэтым сардэчным звароце складаем з сябе Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу ахвяру цярплівасці, любові, удзячнасці і ўзнагароды ў інтэнцыі навяртання Народу нашага і выбаўлення нашага Краю ад усялякага духоўнага і маральнага зла. Мы перакананыя, што ўсё нядобрае наўкол нас і ў нас самых можна толькі з Божай дапамогаю пераадолець і перамагчы толькі Божаю сілай, якая ў найдасканальшы з усіх магчымых шляхоў сыходзіць менавіта праз Марыю — «Найдасканальшае Арцытварэнне Найвышэйшага» (св. Людвік дэ Манфор).

II. Кіруючыся выключнай важнасцю фацімскіх аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі, якая казала, што кожны край, які сябе прысвеціць Яе Сэрцу, атрымае «нязвыклыя ласкі», узгадайма яшчэ, як заклікала Яна прысвяціць Расію Яе Сэрцу, «пранзанаму цернямі, якімі няўдзячныя людзі ўсё зноў і зноў раняць Яго, і няма нікога, хто б праз акт узнагароды, гэтыя церні выцягнуў». Мы ўпэўненыя, што гэты заклік датычыць і нас: хоць Рэспубліка Беларусь — не Расія, але свядомасць і ментальнасць беларусоў церпіць ад моцных дэструктыўных уплываў расійскай савецкай спадчыны. У гэтым часе Вялікай Фацімскай Навэны, якая злучае ўсе сэрцы, адданыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі, што вынікла з усведамлення колішніх вялікіх шлюбаванняў, якія былі складзеныя Марыі: пачынаючы ад Шлюбаў нашага караля і вялікага князя Яна Казіміра ў 1656-ым року, праз прысвячэнне Польскага Народу Беззаганнаму Сэрцу Марыі, супольна ўчыненае Біскупатам Польшчы ў 1946-ым годзе, ажно да прысвячэння свету і Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, якое ў лучнасці з усімі пастырамі і людам каталіцкім учыніў багаславёны Папа Ян Павал II 25 сакавіка 1984-га. У перспектыве веры вяртаемся думкамі да падзеяў, на якія забывацца нельга — ад ранейшых шлюбаў і абяцанняў Пану Богу нас ніхто не звальняў. Ці-ж не прыспеў час нанова сабе ўсвядоміць тыя і іншыя абяцанні, аднавіць і выканаць іх?

III. О Беззаганная Дзявіца, Прачыстая Маці Божая! Вярні нам церні, што зранілі Табе Сэрца! Хай палымяная любоў Твайго Сэрца распаліць зімнасць сэрцаў нашых! Праз Сэрца Беззаганнай нашай Матулі, што найсціслей з’яднанае з Найсвяцейшым Сэрцам Яе Сына і нашага Пана і Збаўцы, у гэтым сардэчным звароце прысвячаем і аддаем Пану Богу ўсё найкаштоўнейшае, што маем — нас самых, нашы дамы і сем’і, моладзь і дзяцей, нашых продкаў і крэўных, нашыя парафіі і дыяцэзіі, нашых біскупаў, святароў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў, таварыствы апостальскага жыцця, семінарыстаў, наш Народ і Айчыну, народ божы і ўсіх людзей добрай волі. Мы цалкам Твае, O Mater Misericordiæ! Даручаем Табе нашыя сэрцы і думкі, наша жыццё і клопат аб збаўленні, нашу веру, надзею і любоў. З пакораю ўзносім да Твайго Беззаганнага Сэрца малітвы і просьбы, што зыходзяць з глыбіні нашых душаў. О Найсвяцейшая Багародзіца, сваёй матчынай любоўю і заступніцтвам барані нас ад усялякага зла і выпрасі нам у Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына ласку міласэрнасці! Багаславёны Папа Яне Паўле ІІ, які ў лучнасці з усімі біскупамі свету прысвяціў наш Край Сэрцу праўдзівай яго Каралевы, і святой памяці кардынале Казімеру Свёнтак, які ў лучнасці з усімі біскупамі краю аддаў тутэйшы Касцёл Каталіцкі «і ўсіх людзей розных нацыянальнасцяў, якія жывуць на тэрыторыі нашых касцёлаў» Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў Фаціме 27.06.1995 — умілаваныя самаадданыя сыны Маці Міласэрнасці і Матчынага Сэрца, якія з усёй моцы клапаціліся на зямлі аб Божым шляху для нашай Айчыны — маліцеся за нас і ў небе: каб усё ў жыцці нашым была праз Марыю, з Марыяй, у Марыі і для Марыі, а значыцца — для Хрыста!

IV. Марым аб нашай краіне, у шчыльнай духоўнай лучнасці біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх прысвечанай Богу і Марыі! Верым, што прысвячэнне Народу і Краю нашага Беззаганнаму Сэрцу Марыі спрычыніцца да перамен у сэрцах людзкіх, да ацалення грамадзтва Рэспублікі Беларусь — праз пакаянне і вяртанне да Бога і Багародзіцы, праз адданасць і вернасць Богу і Багародзіцы, праз працу і малітву з Богам і Багародзіцай. Падтрымліваючы адмысловую просьбу з боку Ордэну Братоў Меньшых Канвэнтуальных, прагнем годна і сур’ёзна падрыхтавацца да гэнага супольнага высакароднага ўрачыстага Акту Прысвячэння, які б адпавядаў усім вядомым патрабаванням Панны Марыі. Просім шаноўных пастыраў Касцёлу ў адмысловым пастырскім лісце распавесці, якім найбольш годным пабожным чынам мы павінны рыхтаваць сябе да гэтай выключнай для нашай краіны падзеі, і што неабходна рабіць пасля таго, як прысвячэнне ўрачыстае адбудзецца. Просім разам з багаславёным Янам Паўлам ІІ: «Няхай яшчэ раз аб’явіцца ў гісторыі свету бясконцая моц міласэрнай Любові! Няхай спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні! Няхай у Беззаганным Сэрцы адкрыецца для ўсіх святло Надзеі». Амэн.

Ад сэрца — да Сэрца,
з пашанай і малітваю,
з верай, надзеяй, любоўю,

(подпісы (663))

Tags: Беларусь, Касьцёл, Палітыка, малітва, навіны, нашы айцы, палітыка, сусьвет, сьвятыя
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 45 comments