Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote in catholic_by,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev
catholic_by

  • Music:

22.08.13. і безтэрмінова. Appellatio Mariae (Апэль Марыйны).



«З цэлага сэрца вітаю ўмілаваны Касьцёл на Беларусі. Як жа блізкі мне гэты Касьцёл, які так многа ў апошніх дзесяцігоддзях выпакутаваў дзеля Хрыстовага імя. Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтай хвіліне ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асоб, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Евангельлі былі прыгавораныя таталітарным камуністычным рэжымам на вялікія цярпеньні, упакораньні і перасьледаваньні. Многія з іх страцілі жыцьцё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, прыгавораныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог…»

(урывак са звароту Святога Айца Яна Паўла ІІ
да Кардынала Казіміра Свёнтка, арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага
)

Сярод пабожных беларускіх верніц паўстала ініцыятыва, якую — ўпэўнены! — варта падтрымаць, пэўным чынам апісаць і агучыць — для хвалы Божай праз Багародзіцу. Хто яшчэ ангажуе сябе ў тую малітву за Айчыну, колькі гэная — пэўная ці няпэўная — форма пратрывае — толькі Пану Богу вядома. Я-ж ведаю: калі якаясь справа Богам надхёная — яна прыйдзе і пойдзе, а калі гэна марнасць над марнасцямі — пройдзе і сыйдзе. Хай Дух Святы рачыць адкрыць чытачу, што ўласна яму рабіць па прачытанні з тым, што прачытае ніжэй.

У Дзень Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы 22.08.13. (чацвер) у 21:00 па беларускім часе ў краіне і па ўсім свеце абвешчаны сімвалічны пачатак рэгулярнай (штовечары ў 21:00) супольнай малітвы Народу беларускага. Дзе б хто ў той самы час ня быў, ён ведае і радасны з таго, што зараз нехта іншы так сама ў духоўнай лучнасці чувае пры Матцы — «два ці тры» з нас, зямных пілігрымаў — схіляемся прад Хрыстом на руцэ Беззаганнай, просячы Яго праз Яе ў тае-ж інтэнцыі. І Ён чуе. І Яму не абыякава.

appello (лат.)
1) обращаться (к кому-л. с речью), заговаривать (с кем-л.)
7) апеллировать
8) взывать (к)

Адметнасцю дадзенай формы малітвы ё тое, што яна ахвярна прыносіцца намі ня толькі ад уласнага імя, але — ад імя ўсяго беларускага люду (з'яўляючыся такім чынам супольнай пакутнай малітваю Народу беларускага), і тое, што паўстала яна (з ініцыятывы ўдзельнікаў) на пэўны ўзор Apelu jasnogórskiego, сусветнай штовечаровай супольнай малітвы Народу польскага (video1, video2, video3, video4), перанесенай на наш час і нашыя варункі. Малітва мае выразна «багародзічную» «афарбоўку», але пакуль яшчэ ня блізка да таго, каб гэны Апэль прыняў пэўную форму — толькі формы часовыя, на ўзроўні пэўных канстатацый таго, што ёсь і што 'шчэ можа быць.

Найпрасцейшая з формаў нашага заангажавання — любая, як заўгодна вольная ці рытуалізаваная, малітоўная дзейнасць у блізкай да ніжэй пададзенай інтэнцыі, якая — ў супольнай духоўнай лучнасці — прымяркоўваецца да 21-й гадзіны па беларускім часе (гэты час не перасякаецца з іншымі малітоўнымі ініцыятывамі «за Беларусь», да гэтага часу звычайна ўжо скончацца вечаровая Імша і Нешпары). Хоць бацвінне варыць у пабожным намеры і ў лучнасці духоўнай : ) Больш пэўную форму (недзе на палову гадзіны часу) магу запрапанаваць ніжэй. Гэна тое, якім уласна мне — менавіта сёння і тут — хацелася б бачыць уласны ўдзел у Апэлю Марыйным, і да якога кшталту ўдзелу сябе хацелася б кіраваць. Калі для шаноўнага чытача ў тым летуценні нічога цікавага няма — дзякуй за ўвагу.

— + А 21-й гадзіне накладаецца Знак Крыжа і спяваецца\чытаецца наша старажытная «Багародзіца, Дзевіца»:

Багародзіца, Дзявіца,
Богам славёна, Марыя,
У Твайго Сына, Гаспадзіна,
Матка славёна, Марыя,
Нам даруй, нас ратуй.
Кірые, элейсон.

Для Твайго Хрысціцеля Святога Збавіцеля
Чуй галосы, слухай мыслі людзкія,
Што ў малітве ўзносім мы,
І даць раду Цябе просім мы,
Каб на свеце святы побыт,
А па смерці у раі прабыць.
Кірые, элейсон.

— У хоры анёльскіх труб : ) тройчы спяваецца\чытаецца:

Марыя, Каралева Беларусі,
Марыя, Каралева Беларусі,
Я пры Табе, памятаю,
Я пры Табе, памятаю,
Чуваю.

— Разважанне з Марыяй і ў Марыі на тэму абранай інтэнцыі на тле таямніцаў жыцця Езуса і Марыі, Ейнага ўдзелу ў містэрыі Хрыста, Касцёла, Народа.

— Агучваецца інтэнцыя, напрыклад адная з паданых ніжэй, ці нейкая падобная:

Пане наш Божа, праз бясконцыя заслугі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі просім у Цябе ласкі …

«для навяртання бедных грэшнікаў» ||
«для навяртання беларускага люду, ягонай адноўленай вернасці шлюбам Святога Хросту і абяцанням Акта прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі» ||
«для Касцёла ў Беларусі, навяртання беларускага люду і непасрэднага Боскага ўмяшання ў справу кс. Уладзіслава Лазара» ||
«для Касцёла ў Беларусі і навяртання беларускага люду» ||
«для беларускага Касцёла і нашай Айчыны» ||
«для кс. Уладзіслава Лазара» ||
«для кс. Уладзіслава Лазара і непасрэднага Боскага ўмяшання ў ягоную справу» ||
«для кс. Уладзіслава Лазара і церпячых праз грэх, гвалт і несправядлівасць» ||
«для вызвалення кс. Уладзіслава Лазара» ||
«для вызвалення кс. Уладзіслава Лазара, Народу беларускага і Беларусі» ||
«каб Беларусь жыла з Богам».

— Агучваецца заклік з тытулам Каралевы Святога Ружанца, які так любіць Багародзіца, і пэўныя іншыя заклікі — на ўласнае жаданне:

Гэты Ружанец малюся\молімся на гонар Твой, Каралева Святога Ружанца.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі!
Беззаганнае Сэрца Марыі, маліся з намі!
Маці Божая Будслаўская, маліся з намі!
Маці Божая Бялыніцкая, маліся з намі!
Маці Касцёла, маліся з намі!
Каралева Святога Ружанца, маліся з намі!
Каралева Неба і зямлі, маліся з намі!
Каралева Беларусі, маліся з намі!
Святы Міхале Арханёле, маліся з намі!
Святы Юзэфе, маліся з намі!
Святы(я) ***, малі(це)ся з намі!
Бласлаўлёны(я) ***, малі(це)ся з намі!
Слуга Божы ***, маліся з намі!
Анёле Божы, маліся з намі!

Ружанцовая малітва ў колькасці 1+ таямніцаў.
Як яна выконваецца, вам ведама лепш за мяне.
Хіба не залішне будзе параіць
Апостальскі ліст Яна Паўла ІІ
“Ружанец Найсвяцейшай Панны Марыі”
.

«Ойча наш…»
«Вітай, Марыя…» (x10)
«Хвала Айцу…»

— «Фацімскія» узнёслыя заклікі:

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая Міласэрнасць.

О, Марыя, без граху першароднага зачатая, малiся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.

— Спяваюцца\чытаюцца марыйныя спевы і малітвы, напрыклад да Маці Божай Будслаўскай, «Вітай, Каралева» і інш. — на ўласнае жаданне — і спяваецца\чытаецца абавязковае «Пад Тваю абарону»:

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу. З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі. Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона. Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі. Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн.

Пад Тваю абарону аддаемся,
Святая Маці Божая.
У нашых патрэбах
Не пагарджай маленнем нашым,
І ад усіх нягодаў
Збаўляй назаўсёды,
Панна хвалебная і блаславёная!
О Пані, о Пані, о Пані наша!
Апякунка наша
І Заступніца наша,
Суцяшальніца наша.

З Сынам Сваім нас паяднай,
Сыну Свайму нас даручай,
Свайму Сыну нас аддавай!
О Пані, о Пані, о Пані наша!
Апякунка наша
І Заступніца наша,
Суцяшальніца наша.

— Малітва да Святых, Блаславёных і Слугаў Божых (напр., да росіцкіх пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, да Баляслава Слосканса (гэта малітва мае на ўвазе праслаўленне Слугі Божага, а таксама спазнанне праз яго заступніцтва Боскай дапамогі; больш пра гэтага нашага пакутніка, біскупа мінскага і магілёўскага на працягу ўсіх гадоў няволі беларускага Касцёла, чытайма па спасылцы…), да Яна Паўла ІІ) і малітва за пераследаваных (напр., бл. Пія XII (для прыватнага карыстання)) — на ўласнае жаданне.

— Малітва за Святога Айца, за Папу на пенсіі, за біскупа, за Касцёл і (на ўласнае жаданне) малітву аб супакоі Святога Айца Яна ХХІІІ:

Усемагутны Божа, Ты ўстанавіў Святога Айца Францішка бачнаю галавою святога Касцёла. Атуляй заўсёды наступніка святога Пятра сваёю ласкаю і благаслаўленнем. Адары яго ласкаю доўгага жыцця, добрага здароўя, суцеш у цярпеннях і ўчыні, каб яго апостальская праца прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства. Змілуйся, Божа, над ім праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых, а таксама дазволь, Ойча Нябесны, каб ён усіх нас давёў да жыцця вечнага. Амэн.

Пане, зберажы нашага Папу на пенсіі Бенедыкта XVI, захавай яму жыццё, дабрашчасным учыні яго на зямлі і не апусці яго на волю непрыяцеляў. Амэн.

Пане Езу Хрыстэ, Пастыр Касцёла, падтрымай сваім благаславеннем нашага біскупа N. Учыні, каб ён быў сапраўдным айцом дыяцэзіяльнай сям'і і прыкладам апостальскай адданасці. Удзялі яму духа мудрасці для плённага абвяшчэння Твайго слова і кіравання дыяцэзіяй. Які з Айцом і Духам Святым жывеш і валадарыш праз усе вякі. Амэн.

Духу Святы, Стварыцелю, прыйдзі ласкава на дапамогу ўсяму каталіцкаму Касцёлу ў змаганні супраць нападкаў непрыяцеляў. Умацуй яго і падтрымлівай сваёю сілаю з вышыняў. Аднаві дух слугаў Тваіх, якіх Ты намасціў сваёю любоўю і ласкаю, каб у Табе праслаўлялі Айца і Сына Яго Адзінароднага, Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.

— Малітва (прыватны экзарцызм) да святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі — раю не пагарджаць гэтым пунктам і заўжды, як пры канцы Св. Эўхарыстыі, заклікаць на помач нашага Вялікага Князя — каб шатаны і навалач валам ляцелі ў тартарары:

Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.

У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.

Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!». Амэн.

Няхай нас Бог благаславіць, бароніць ад усялякага зла і давядзе да жыцця вечнага. Амэн.

— Малітва за Айчыну:

Ты, Бялыніцка Найчыстша Дзева,
Святая Маці сіроцкаго роду,
Літвы і Русі можна Королева,
Упрасі Сына, каб даў нам Свабоду.

Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх і волі сваёй не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны і Каралевы нашай благаславі Айчыну нашу, каб яна была заўсёды верная Табе і хвалу прыносіла Твайму святому Імені, а сыноў і дачок сваіх вяла да вечнага шчасця. Усемагутны вечны Божа, адары нас глыбокаю і шчыраю любоўю да братоў, сясцёр і наймілейшай маці-Айчыны нашай, каб мы ёй і люду Твайму, забыўшыся пра карысць уласную, годна служыць маглі. Спашлі Духа Святога на слугаў Тваіх, якія кіруюць нашай краінай, каб яны згодна з воляю Тваёю маглі мудра і справядліва кіраваць давераным ім людам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

— На дакананне, вечаровая малітва ахвяравання і «старая песня о Главном» — «Магутны Божа»:

Усемагутны вечны Божа, дзякую Табе за ўсе ласкі і дабрадзейнасці сённяшняга дня; за радасць і смутак, за дасягненні і няўдачы. Прымі ўсё на хвалу Тваю. Хачу таксама перапрасіць Цябе за ўсе мае і люду беларускага сённяшнія правіны.

Магутны Божа! Уладар сусветаў,
Вялiкiх сонцаў i сэрц малых,
Над Беларусяй, цiхай i ветлай,
Рассып праменнi свае хвалы.

Дай спор у працы штодзённай, шэрай.
На лусту хлеба, на родны край.
Павагу, сiлу i велiч веры
У нашу праўду, у прышласць — дай.

Дай урадлiвасць жытнёвым нiвам,
Учынкам нашым пашлi ўмалот.
Зрабi свабоднай, зрабi шчаслiвай
Краiну нашу i наш народ!

Вось «стацыі» той вечаровай Пакуты, ахвярнай малітвы ў Апэлю Марыйным, якімі бачацца мне сёння, і якімі так нясціпла меў падзяліцца. Хай Марыя ўступіцца за нягегласць слугі, а Езус — даруе хібы. Хай нам дабраславіць Добры Бог, праз Маці Міласэрнасці і Маці Касцёла!

Дабраслаўляйма і мы, і дзякуйма ганіцелям і ганьбіцелям нашым, бо дзякуючы ім наша ахвяра ў 21:00 стаецца для Неба 'шчэ каштаўнейшай. Колькі б нас не было, як ба не намагаліся ў малітве — нас усяроўна будзе замала, і малітвы нашай будзе замала. Вырашае ўсё на карані толькі Божая Ласка і Яго Ахвяра на Крыжы, з Якой нам ласкава дазволена злучыць уласны крыж і ўласныя ахвяры.

Хіба можам ахвяраваць Богу ў малітве нешта большае і каштоўнейшае за нашу ахвяру з сябе — нашу ўласную сардэчную скруху, пакуту, мукі, цярпенні, слёзы, а ўрэшце — кроў, жыццё і смерць!? Што не забівае нас — тое ўмацоўвае, а што нас забівае — не заб'е напраўду! Ня бойцеся! Пан з вамі і Панна з намі +

Tags: 21ст, Беларусь, Касьцёл, анонсы, малітва, навіны, нашы айцы, палітыка, пілігрымкі, сьвятыя, традыцыі
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 48 comments