Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote in catholic_by,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev
catholic_by

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі

Ніжэйшы Акт складзены на падставе Акта прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі падчас святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага вобраза Маці Божай у Будслаў. Праз пэўныя змены, ён можа ўжывацца цяпер і па сканчэнні Года Веры, пры любым з вобразаў Багародзіцы. А тыя, каму светапогляд кажа пра іншую назву для нашага Краю, могуць ужыць адную з назваў, пазначаных у дужках.


Акт прысвячэння Беларусі
(Літвы, Вялікай Літвы, Вялікалітвы-Беларусі)
Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі

О велічная і ласкавая Маці Божая і наша Матуля, Каралева Святога Ружанца і наша Валадарка!

Сёння мы як Твае духоўныя дзеці стаім перад Табою з удзячнасцю за прыклад жывой веры, надзеі і любові, за апеку над намі і за выпрашаны ў Бога дар свабоды веравызнання. Стаім з пачуццём віны за грахі нашага люду і за нашыя асабістыя правіны. Мы ўсведамляем, як моцна нам патрэбнае пакаянне за іх, за парушэнне абяцанняў, дадзеных падчас хросту, за адыход ад веры, і просім прабачэння ў міласэрнага Бога і бліжніх.

Маці нашай веры, Маці міласэрнасці і суцяшэння, Пасрэдніца ўсіх ласкаў, мы стаім перад Табою ў гэты складаны час, напоўнены небяспечнымі выклікамі. Стаім з бязмежным даверам і надзеяй, што Ты, наша нябёсная Матачка, і надалей выслухаеш нас і дапаможаш, як гэта было ўжо на працягу мінулых вякоў.

Да Твайго трону прыносім незлічоныя ахвяры мучанікаў за веру, яе сведкаў і вызнаўцаў. Табе, наша Валадарка і Апякунка, ахвяруем і даручаем сябе самых і ўсё, што маем: нашу Айчыну — Беларусь (Літву, Вялікую Літву, Вялікалітву-Беларусь), наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца, сем’і, народжаных і не народжаных яшчэ дзетак, моладзь, хворых, церпячых, старых і памерлых; ахвяруем і давяраем Табе нашыя думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі.

Пакорна просім міласэрнасці і дапамогі, каб мы заўсёды заставаліся вернымі Богу, Касцёлу, Крыжу, Евангеллю і Бацькаўшчыне.

Памятай, спагадлівая і ласкавая Пані, пра свой народ, які прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Узглянь на яго сваім міласэрным позіркам і выслухай.

К: Маці Божая! Абяцаем учыніць усё дзеля таго, каб наша Айчына была сапраўдным Валадарствам Тваім і Твайго Сына Езуса Хрыста, каб яна знаходзілася пад Тваім панаваннем і апекаю ў асабістым, сямейным, нацыянальным і грамадскім жыцці ўсіх яе жыхароў.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Маці нашай веры! Абяцаем бараніць, берагчы і ўмацоўваць нашу веру, каб у выпрабаваннях сучаснасці яна была арыенцірам нашага жыцця!

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Маці верная! Абяцаем вернасць Твайму Сыну Езусу Хрысту і Яго Евангеллю.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Маці Божай ласкі! Абяцаем сцерагчы дар ласкі, каб заўсёды аднаўляць у сабе вобраз і падабенства Бога, паводле якіх мы створаныя, і быць святынямі Духа Святога.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Маці добрай рады! Паводле Тваёй рады абяцаем чыніць толькі тое, што Твой Сын нам наказаў, а менавіта — жыць праўдаю Яго Евангелля.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Святая Багародзіца! Абяцаем па Тваім прыкладзе берагчы Божы дар жыцця як самы каштоўны скарб.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Залаты доме! Абяцаем захоўваць еднасць створанага Богам інстытуту сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, які з’яўляецца галоўнаю часткаю кожнага грамадства, а таксама атуліць належнаю апекаю дзетак і моладзь і выхоўваць іх у вернасці Хрысту і Яго Евангеллю.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Люстра справядлівасці! Абяцаем уладкоўваць сваё жыццё паводле прынцыпаў Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, каб мы ўсе жылі ў любові і справядлівасці, згодзе і супакоі.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Ахоўніца маральнага ладу! Абяцаем змагацца з нашымі заганамі і залежнасцямі, у жыцці практыкаваць хрысцянскія каштоўнасці і шанаваць годнасць кожнага чалавека.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

К: Наша Маці і Валадарка! Абяцаем пашыраць у нашых сэрцах і на нашай зямлі хвалу Тваю і Твайго Беззаганнага Сэрца, а таксама захоўваць і памнажаць у нашым жыцці Твае цноты.

Н: Маці Божая і наша Матуля, абяцаем Табе!

О Марыя, праслаўленая ў шматлікіх цудатворных вобразах, прыймі гэтыя нашыя абяцанні і нашае ахвяраванне Твайму Беззаганнаму Сэрцу, умацуй іх у нашых сэрцах і занясі да трону Твайго Сына.

Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем сябе, у Твае рукі складаем нашу сучаснасць і будучыню, наша асабістае жыццё і лёс нашай Бацькаўшчыны.

Тваёй абароне аддаемся і верым, што Ты нас ніколі не пакінеш і заўсёды дапаможаш, каб мы ў свабодзе дзяцей Божых будавалі новую і шчаслівую Беларусь (Літву, Вялікую Літву, Вялікалітву-Беларусь) на падмурку Евангелля.

Марыя, наша Валадарка і Маці, вядзі нас шляхамі Божага Провіду і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб нашае жыццё было напоўненае нястомным выкананнем волі Бога і сталася гімнам Яго праслаўлення. Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Tags: 21ст, Беларусь, Касьцёл, Летува, Палітыка, дактрына, малітва, палітыка, сьвятыя, традыцыі
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic
  • 4 comments